Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўцёк-бы. Але ў ноздрах у Бэсіка стаяў пах свежага мяса, і прагнасць прымусіла яго схапіць костку.

Гэтага Белы Клык не здолеў сцярпець. Панаванне над таварышамі па запрэжцы на працягу некалькіх месяцаў было яшчэ свежым у яго памяці, і ён ужо не мог справіцца з сабой, гледзячы, як другі сабака пажырае мяса, якое належала яму. Як звычайна, ён кінуўся на Бэсіка, не даўшы таму апамятацца. Пасля першага-ж укусу правае вуха Бэсіка павісла клоччамі. Раптоўнасць нападу ашаламіла яго. Але зараз-жа услед за гэтым з такой-жа раптоўнасцю адбыліся яшчэ больш змрочныя падзеі. Ён быў павалены; на шыі яго ззяла рана. Пакуль ён спрабаваў зноў ускочыць на ногі, малады сабака двойчы ўпіўся яму зубамі ў плячо. Імклівасць нападу была сапраўды ашаламляючай. Бэсік зрабіў быў дарэмную спробу кінуцца на Белага Клыка, але зубы яго толькі раз'юшана ляснулі ў паветры. У наступную-ж хвіліну нос у Бэсіка быў распаласаваны, і ён, хістаючыся, адступіў ад мяса.

Становішча спраў крута змянілася. Над косткай стаяў пагрозна натапырыўшыся Белы Клык, а Бэсік трымаўся воддаль, рыхтуючыся адступіць у любую хвіліну. Ён не асмельваўся ўступіць у бой з маладым, хуткім, як маланка, праціўнікам; і зноў, з яшчэ большай гораччу, Бэсік адчуў бяссілле старасці, якая набліжалася. Яго спроба захаваць дастоінства была сапраўды гераічнай. Спакойна павярнуўшыся спіной да маладога сабакі і косткі, якая ляжала на зямлі, як быццам тое і другое зусім не заслугоўвала ўвагі, ён велічна адышоў прэч. І толькі тады, калі Белы Клык ужо не мог бачыць яго, Бесік спыніўся і пачаў залізваць свае раны.

Пасля гэтага выпадку Белы Клык загардзіўся і зрабіўся яшчэ больш самаўпэўненым. Ён расхаджваў сярод дарослых сабак яшчэ смялей, зрабіўся не такім уступчывым. Не тое каб ён шукаў прычын для сваркі, — далёка не. Ён патрабаваў увагі да сябе. Ён адстойваў свае правы і ні ў чым не хацеў уступаць другім сабакам. З ім прыходзілася лічыцца, вось і ўсё. Ніхто не смеў пагардліва адносіцца да яго. Шчанюкі цураліся кампаніі з дарослымі сабакамі, уступалі ім дарогу, а часам былі вымушаны аддаваць ім сваю порцыю мяса. Але нетаварыскі, адзінокі, пануры, грозны Белы Клык, які ўсіх цураўся, быў прынят, як роўны, у асяроддзе збітых з панталыку дарослых сабак. Яны хутка наву-