Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паспешліва з'ядаў сваю порцыю, і тады — гора таму сабаку, які яшчэ не скончыў есці. Грозны рык, вышчараныя клыкі — і сабаку не аставалася нічога іншага, як выказваць сваё абурэнне раўнадушным зрокам, пакуль Белы Клык даканчваў яго порцыю.

Час ад часу то адзін, то другі сабака ўзнімаў супроць яго бунт, але ён хутка супакойваў іх. Белы Клык старанна ахоўваў сваё адасобленае становішча ў зграі і часта браў яго з бою. Але такія сутычкі былі непрацяглыя. Сабакі не маглі змагацца з ім. Белы Клык наносіў раны праціўніку, не даўшы яму апамятацца, сабака зыходзіў крывёй, яшчэ не паспеўшы як належыць уступіць у бой.

У часе работы Белы Клык, таксама як і багі, падтрымліваў сярод сваіх сабратоў суровую дысцыпліну. Ён ні ў чым ім не патураў і патрабаваў бязмежнай павагі да сябе. Паміж сабой сабакі маглі рабіць усё, што хацелі. Гэта яго не датычыла. Белы Клык сачыў толькі за тым, каб сабакі не пасягалі на яго адасобленасць, саступалі яму з дарогі, калі ён з'яўляўся сярод зграі, і прызнавалі яго панаванне над сабою. Варта было якому-небудзь сабаку прыняць ваяўнічы выгляд, вышчарыць зубы або натапырыцца, як Белы Клык кідаўся і без усякай міласці пераконваў забіяку ў памылковасці яго ўчынкаў.

Ён быў лютым тыранам, які ўладарнічаў з жалезнай цвёрдасцю. Слабыя не ведалі літасці ад яго. Жорсткая барацьба за існаванне, якую яму давялося весці з самага ранняга дзяцінства, калі ўдваіх з маткай, адны, без усякай дапамогі, яны біліся за жыццё, перамагаючы варожасць лясной Глушы, — не прайшла бясследна. І нездарма навучыўся Белы Клык ступаць ціха і асцярожна, калі больш дужы праціўнік знаходзіўся паблізу. Ён прыгнятаў слабага, але затое паважаў дужага. І калі Шэры Бобр сустракаў на сваім доўгім шляху стаянкі другіх людзей, Белы Клык заходзіў паміж чужымі сабакамі ціха і асцярожна.

Мінула некалькі месяцаў, а падарожжа Шэрага Бабра усё яшчэ не спынялася. Доўгая дарога і заўзятая работа ў запрэжцы ўмацоўвалі сілы Белага Клыка, а разумовае развіццё яго як быццам скончылася. Свет, які акружаў яго, ён пазнаў да канца. І Белы Клык глядзеў на жыццё хмурна і не меў у адносінах да яго ніякіх ілюзій. На погляд Белага Клыка, свет гэты быў суровы