Старонка:Krok za krokam 1925.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лясьніка да ўсяго, як дарэмнага каня. Пры аднэй толькі думцы бачыцца з лясьнічым, мароз прабягаў па скуры Васіля. Васіль ня раз гаварыў, што лепей хацеў-бы ён сустрэцца з гадам або воўкам, як папасьці на вочы лясьнічаму. Ня раз стаяў Васіль, як палатно белы ад крыўды і несправядлівасьці, выслухваючы спавяданьні пана лясьнічага. Рукі самі згортваліся ў кулакі, і ня раз нейкая сіла падбівала Васіля кінуцца на лясьнічага, разьбіць твар, кінуць аб зямлю, таптаць нагамі, біць, біць бяз жалю, без міласэрдзя. Тады-б, здаецца, спагнаў сваю злосьць, адамсьціў-бы за ўсе зьдзекі і ўніжэньні. Але ўспамінаў Васіль, што ў яго ёсьць жонка, ёсьць маленькія дзеткі, і рукі самі апускаліся, і стаяў ён акамянелы, маўчаў — ні слова. Што-ж, кінуцца на пана? А што далей? Далей — астрог, жабрацкая торба. Далей гэтых граніц ня ходзіць забітая, прыніжаная душа простага чалавека.

Лаяўся пан лясьнічы, як праўдзівы майстар свайго дзела. Лаянка яго лілася доўга, плаўна, без запінкі. Кожнае слова было ўзважана і біла па сэрцы цяжкім абухом. Адным словам, думаў Васіль, абмылкаю нейкаю прышоў на сьвет гэты чалавек і заміж астрогу або вар’яцкага дому папаў у лясьнічыя. А ўрэшце, чорт яго разьбярэ, хто жыве тут не па абмылцы. На гэтым пункце спатыкаліся мысьлі Васіля і не маглі здалець яго, бо далей прад вачыма яго адкрывалася многа непанятных парадкаў, за каторыя можна папасьці ў турму або чорту на скавараду.

IV

У тахт думкам Васіля сьпяваў вецер у полі нікому непатрэбныя песьні. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся дзе ён, куды йдзе.

Васіль стаў, каб разглядзець, дзе ён. Ногі яго па кален ўлазілі ў сьнег. Але што разгледзіш у такую ноч? Неба зьмяшалася з зямлёю… Шырокі прастор поля звузіўся ў чорную бочку, і нічога не магло разглядзець вока адзінокага Васіля. Усё роўна як нехта выкінуў яго, непатрэбнага, беднага ў гэтую зяўру страшнай ночы, прынёсшы ў ахвяру сярдзітай буры, каб яго жыцьцём купіць сабе спакой.

— Дзе-ж я? — трывожна спытаў сябе Васіль.