Старонка:Krok za krokam 1925.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І адразу ахваціў яго страх, самы большы страх чалавечы - страх за сваё жыцьцё. Рукі яго апусьціліся, яму захацелася прысесьці. Але ня сеў Васіль і стаў перабіраць нагамі ў глыбокім сьнягу, як спутаны.

А думкі, бесталковыя, дзікія думкі заварушыліся ў ім скора-скора, як сьнег, каторы з усіх старон так бязжаласна сыпаўся на Васіля. То думалася Васілю, што ён сам шукае сваёй магілы, то здаваліся прад ім сьцены, каменьні, гатовыя кожны момант наваліцца на яго ўсім цяжарам. Яму здалося, што ён адышоўся далёка-далёка... Ужо раз спатыкнуўся Васіль, вецер зьбіў яго з ног. Ён выбіўся, як яму паказалася. У яго думках пранясьліся азярыны ў высокіх берегах, замеценыя сьнегам, але ніколі не замярзаючыя. Сьнег усё глыбейшы і глыбейшы, а сілы ўсё таюць і таюць. От ён зусім выбіўся з сіл, залез у сьнег па пояс і ня можа ўжо мясіць яго адзервянелымі нагамі.

V

- А-а-а-у!

Васіль і ня думаў крычаць, як ня думаў ён і плакаць. Дзікі крык вырваўся сам проці волі Васіля, і самі пацяклі сьлёзы.

Вецер падхапіў яго немы крык, рвануўся з імі тут-жа загубіў яго, расьцёр, як мыльную бурбаўку.

- Хто я? Васіль?

- Васіль, хто-ж я?

- Што-ж ты тут робіш?

- Сяджу ў сьнягу.

- Ну, Васіль, гайда да дому!

Усё ў ім мяшалася, і сама сабою навязалася яму гэтая бесталковая гутарка...

У вачох яго як-бы прасьвятлела. Усюды, куды ён ні гляне, віднеліся морды лясьнічага, яго вышчараныя зубы. Гэтых морд набралася многа-многа; яны абнімаліся, скакалі, варушыліся, як па камандзе, дрыжэлі, як лісьця асіны перад навальніцаю.

А вунь там відаць худы, змучаны, заплаканы твар Алесі... Вунь яго дзеці...