Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тагды гарэлка на стол, ручнікі гатовы, дай канцы ў ваду. Знаеш? некалі надарыцца табе другі такі жаніх, як я. Раджу, не перабірай; бо знаеш прыказку: хто перабірае чы часта мяняе, у таго заўсёды хамут гуляе.

Юлія. Папытаюся: калі ты мяне паслухаеш у адным дзеле, то, можа, мы і зладзім.

Навум. У якім дзеле? Не ведаўшы, не магу абяцаць. Не гневайся! Знаш гутарку: хто пытае, той не блудзіць. Не ведаўшы броду, не сунься ў воду.

Юлія. Баш! Прыцапіўся ка мне Ян, панскі слуга, да і адбою не маю: прасіў, штоб я прыйшла сумеркам сюды ў сад з ім пагаварыць. Я, штоб адчапіцца ад яго, абяцала прыйсці.

Навум. Абяцанка цацанка, а дурному радасць.

Юлія. Дак відзіш, Навумка, я хачу, штоб ты надзеў адзежу да на маё места прыйшоў сюда. Хадзі, я ўжо цябе навучу, як маеш з ім абайціцца.

Навум. Ой, цікунка ты, цікунка! відна, што дабры бабры. Глядзі, мая перапёлачка, штоб з гэтага піва не выйшла якога дуру, бо знаш прымаўку: хто пад кім яму капае, часта сам у яе ўпадае. Але што рабіць? Чалавек, калі важыў на рыбу, трэба важыць і на юшку. Відна ўжо, ты мяне не мінеш. Яно кажуць: калі шанцуе, то і Халімон танцуе. Пайдзём, да навучы мяне, што маю рабіць? (Адыходзяць.)

Сцэна VIII

Кароль адзін.


Кароль (рэчытатывам)

№ 5

Не знаю, што такое, ці сон, ці то ява.

Усюды пры мне воблік яе і пастава.

Скрозь бачу, як яснее няземскай красою

І лёгка так у скоках плыве над зямлёю!