Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Навум

Як бы тут ёй заляцацца,

Кабы лепей спадабацца?

Гутаркамі ёй заграю,—

Пазнае, што розум маю.


Юлія

Але добра, што ён тутка.

Ў галаву прыйшла мне думка:

Гэта пудзіла ўпаўне

Дапаможа ў справе мне.


Навум(з залётамі)

Што ты сама тут дзямідзіш?

А чы ты мяне не відзіш?

Ляпей сядзем на калодзе,

Пагаворым а прыгодзе;

От сядзем сабе у рад,

Кабы Пан Бог быў нам рад.

Да зрабі мне адну ласку,

Прымі абаранкаў вязку

І скажы мне праўду шчэру:

Любіш? не? а я паверу;

І тагды на скору руку

Зробім з сабою заруку.

Не саромейся, а скора

Гавары, мая сікора!


Юлія

Я смяюся проста з мусу,

Хоць да смеху й ёсць пакуса.

Але гэты дзед ўпаўне

Дапаможа ў справе мне.


Навум

Прымаўка кажа: маўчу,

Дык, пэўне, замуж хачу.

Яна ж не кажа нічога;

Ой, хоча замуж нябога.

(Кажа.) Добра гутарка кажа: сужанага да ражанага і канём не аб’едзеш. А калі ты ўжо маеш быць маёю сужанаю, дак скажы да не сушы сэрца вайтоўскага. Слова сказана, дай дзела звязана.