Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раманс

У цябе, паненка, залётныя вочкі,

У іх бачу сонца і тайнасці ночкі;

А так павабна на свет пазіраюць,

Што, калі гляну, мне думкі ўсе таюць.

Чую, сэрца б’ецца сільна,

Чую, што люблю прыхільна.


Юлія

Дзякую.


Ян

У цябе, паненка, усмешка, як сонца,

А, як лілея, твар белы без конца;

Такая яснасць у твары анельскім,

Што часта к думкам ляту я нябескім:

Доля! дай мне за каханку

Вось такую багавянку.


Юлія

Дзякую.


Ян

За галасок твой срабрысты, ласк поўны,

Аддаў бы зараз, каб меў я, мільёны!

Бо як пачне ім пяяць, залівацца,

Ах! вечна табе я жадаў бы ўслухацца,

А так дорага цаню я,

Бо ўвесь чыста ў ім тану я.


Юлія

Вельмі ўдзячна за пахвалы,

Але вам скажу заране,

Што мне будзеце вы сталым,

Я не веру, пане Яне!


Ян

Ах, павер мне! бо самдзела,

Калі будзеш мне ты ўпартай,

Ў лоб сабе я тут жа стрэлю!

Гэта я кажу не жартам.


Юлія (убок)

Ох! задам табе гулянкі!

Пачакай, парыжскі пане!