Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я нібы згадзілася на гэта, але хацела наўперад паведаміць паню і прасіць, каб пані пайшла на маё месца. Няхай жа гэта пані зробіць, каб потым магла пакараць яго за тое, што да другіх заляцаецца.

Уршуля. Вот гэта называецца ветла з твайго боку! Яшчэ ні ў воднай кніжцы не вычытала я, каб дзяўчына, і асабліва дворная, так пачціва мысліла, як ты. О пачакай ты, круціглова! шэсцьдзесятгадовы баламут! выб’ю я табе з галавы гэтыя твае залёты! I дзе ж, у якім тут месцы хацеў ён з табою размаўляць?

Юлія. Вот, пані, у той направа альтане.

Уршуля. Добра, мая міленькая! дзякую табе, дзякую! Рабі гэтак заўсёды, а калі будзеш пачцівай дзяўчынай, то непраменна знойдзеш сабе добрага мужа, і благаславенства боскае не перастане свяціць над табою. Пайду ды пашукаю кніжку з падобнай інтрыгай і пабачу, як у такім здарэнні паступіла жонка з сваім мужам. Бывай жа здарова, мая ты каханачка! мой ты анёлачак!.. О пачакай, пачакай ты, стары грэшнік! цяпер я цябе злаўлю! Дагэтуль ты выкручваўся, як уюн; заўсёды казаў мне адно: «Эй, то плёткі, мая душачка, плёткі...» Але ж цяпер пабачым! Плёткі, плёткі, ха! ха! Плёткі! (Выходзіць, паўтараючы апошнія словы.)

Сцэна VІ

Юлія, а потым Ян.

Юлія. Вот дык я яму ўслужыла! Але так яму і трэба: няхай не шалее ў такім веку! Але нехта там зноў ідзе? Ах, гэта Ян, камердынер Кароля. Па праўдзе сказаць, тая роля, якую я ўзлажыла на сябе, апрыкрыла мне трохі; але цешу сябе надзеяй, што папраўлю Кароля; і гэта думка асалоджвае мне цяжкасці, якія для яго дабра і свайго шчасця з ім пераношу. Ну, пабачым жа яшчэ аднаго залётніка!

Ян.

Добры вечар, маё каханне!

Юлія.

Ваша служка, пане Яне!