Югасечка? Зрабі мне адну ласку і назнач мне мінутку для размовы з табою ўвечар у гэтым садзе. Я буду чакаць цябе тут. Зробіш мне гэтую ласку? Паслухаеш жа маёй просьбы?
Юлія (убок). Пачакай жа, мой ты марцавы дзедка! Зраблю я табе штучку! (Голасна.) Што ж рабіць! Можа б, то і не выпадала, але прыйду. Цікава ведаць, што гэта мне пан скажа? Дык каля поўначы няхай пан чакае мяне ў той альтане, што направа.
Сцэна IV
Тыя ж і Уршуля; яна падкрадваецца і, як толькі канчае гаварыць яе муж, накідваецца на яго.}}
Камісар. О мая ты рыбка! пяшчотка мая! як жа я табе ўдзячны за тваю дабрату для мяне!
Уршуля. А васан што тут робіш? гэ?
Камісар. Я? я? так, мо... вот я заказваў прыгон на заўтрашні дзень.
Уршуля. І каму ж ты заказваў? гэтай дзяўчыне? што?.. А гэта добра! Яшчэ ні ў адной кніжцы гэтага не вычытала (а перабрала я іх на сваім вяку вельмі многа), каб камісар заказваў прыгон адной дворнай дзяўчыне. Ой ты, стары ветрагон! ветрагон! Заўсёды мне выдумляеш усялякія фіглі, і нічога добрага! Пайшоў мне зараз дадому! А васпанна застанься тут: я хачу распытацца.
Камісар (убок, да Юліі.). Югася! не прагаварыся, будзь растаропна; і памятай, што абяцала. (Адыходзіць.)
Сцэна V
Тыя ж без камісара
Уршуля. Ну, мая рыбка, што на гэта скажаш? Гэ?
Юлія. Ах, мосця дабрадзейка! абарані мяне, бедную дзяўчыну, ад праследавання пана камісара. Як цень, ён ходзіць пастаянна за мною і надаядае мне сваім каханнем. Намаўляў мяне, каб я прыйшла сёння ўвечар на спатканне з ім вот у гэтым садзе.