Старонка:Drygva 1934.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А як маці? — запытаў ён.

— Нічога. Напалохалася трохі палякаў. Баіцца, каб не злавілі цябе. Кажа, каб ты не ішоў цяпер да дому… Вось хлеб і сала.

Панас зняў з-за плячэй даволі ёмкую торбу, гэты адвечны пашпарт сялянскай долі. Некалькі часу торба заставалася ў Панасавых руках. Стары маўчаў, як-бы узважваючы словы свайго сына, а потым моўчкі ўзяў торбу.

— А сена ўсё забралі?

— Усё… Аставаўся возік, дык загадалі Максіму адвезці і той.

— Го, абармоты! Няма на іх упадку! — з гораччу патрос дзед галавою: — і чым-жа худобу карміць-мем?… Максім яшчэ не вярнуўся?

— Не.

Прымоўклі.

Густы мрок звісаў над Палессем. У аголеных кустах пашумліваў вецер, і маркотна шуршэлі белыя струменні снегу ў парыжэлай траве. Сяло прытоена маўчала. Толькі сабакі, патрывожаныя ўварваннем няпрошаных гасцей, запоўніўшых двары, пераклікаліся злосна-варожым брэхам і жудасным падвываннем.

— Вярнецца Максім, дык няхай паедзе да Лабузы ў Прыцькі пазычыць сена — старога дужа аклапочвала пытанне аб корме для жывёлы.

— Да мы худобу пракормім, — падвясельваў бацьку Панас: — сена дастанем, насячом гучкоў, вецця, галін — не падохне жывёла.