Старонка:Drygva 1934.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

IV

Талаш не зразу пашоў на сваю сядзібу. Яго пацягнула на тое месца, дзе стаяў стажок і дзе адбылася яго баталія з жалнерамі. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна ўзіраецца перад сабою. Стажка не было. Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. У гэты момант раптам штось мільгнула непадалёку ад стажарышча. Пазірае дзед Талаш — чалавечая постаць! Хто-ж бы гэта быў такі? То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок. На тым месцы, дзе быў стажок, яна запынілася на момант, пастаяла, паслухала, а потым накіравалася ў хмыз. Яшчэ момант, і пачуўся нясмелы воклік.

— Го-го!

— Го! — адгукнуўся дзед Талаш, пазнаўшы голас свайго Панаса.

Бацька і сын сышліся ў хмызняку.

— А я цябе каравулю, бацька! — ціхім голасам загаманіў Панас.

— Ну? — адазваўся стары Талаш, адчуваючы нешта новае ў голасе сына.

— У вёсцы палякі… Цябе шукаюць.

Бацька і сын прымоўклі на момант.

— Ты сёння дома не начуй, — парушыў маўчанне Панас.

Стары Талаш пачухаў патыліцу.