Старонка:Drygva 1934.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Эге-ж, старайцеся, сынку!

— Ты, бацька, ідзі ў Макушы да Параскі і жыві там. Калі што, дык я падбягу туды.

Параска — замужняя дзедава дачка.

— Э, — махнуў рукою дзед Талаш: — аба мне, сынку, клопат малы… Не ведаеш, як многа тут палякаў.

Відаць, дзеда Талаша займалі нейкія думкі.

— Многа! — панізіў голас Панас: не меней як дзвесце! Ды кажуць, што і ў Вепрах іх чортава цьма.

На развітанне ўмовіліся, дзе сустрэнуца заўтра. І наказаў яшчэ дзед Панасу быць асцярожным ды прачуваць сёе-тое аб паляках. Назначылі час сустрэчы і разышліся.

Дні трывог, страху і некою пачаліся для дзеда Талаша і яго сям’і. Гаравала бабка Наста. Гэткае-ж ліха ўварвалася ў іх жыццё! І дзе тая справядлівасць на свеце! За што павінен бадзяцца стары? Каго ён чапаў? Каму замінаў жыць, што ён змушаны цяпер, як бяздомнік, туляцца па лясах, па чужых кутках? І так шкода ёй стала старога, і такі жаль агарнуў яе, што яна заплакала. І Максіма з канём пагналі, невядома куды. Сваё-ж дабро прымусілі везці нейкаму лысаму чорту, а худоба здыхай з голада. Ды яшчэ ці пусцяць яго? ці вернецца? Сям’я разбіта, параскідана, і невядома, як яно што будзе.

Сядзіць бабка Наста адна ў хаце. Газовачка цмяна курыць на пяколку. А ў хаце так ціха!