Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мне… Ну, чаго там… А памятаеш, як ты выратавала нас ад бандытаў?..

Жанчына ціха плакала, Насцін дзед пагладзіў яе па галаве і пацалаваў у лоб. Серж стаяў як акамянелы. Сержаў бацька ўстаў з крэсла так шпарка, быццам бы крэсла гарэла агнём. Ён стаяў, апусціўшы рукі і не ведаючы, дзе дзецца.

— Дык вось, каго гэта ты так пакрыўдзіў… — павярнуўся бацька да Сержа і змоўк, а пасля цішэй сказаў: — Гэта я яго пакрыўдзіў, гэта я сам вінават…

Першая напружаная мінута прайшла. Насцечка стаяла на крэсле, абняўшыся з мамай так, што, здавалася, іх ніяк не адарвеш адну ад другой.

— А мама… Ой, дзевачкі, хадзіце сюды! — крыкнула Насцечка. — Мама, гэта мае падругі.

— О, у іх вялікае сяброўства, — сказаў дзед. — Такая ў іх дружба, што толькі цешыцца можна.

— Добры дзень вам, дзяўчаткі, — сказала мама. — Хоць я вас і першы раз бачу, але ўжо люблю вас за тое, што вы дружыце з маёй Насцечкай.

— О, Насцечка маладзец, — сказаў дзед. — Яна і вучыцца, і весяліцца, і чытае, і гуляе, і такая сталая, і такая гаспадыня была, калі… (Ён не хацеў сказаць: «калі я быў хворы», але падумаў і сказаў: «калі трэба было».)

— Ну, цяпер я ўжо тут гаспадыня, — сказала Насціна мама, — калі ласка, усе за стол. Добра, што вы тут не забывалі іх, — гаварыла яна да Сержавага бацькі і маці. — І вам, дзяўчаткі, дзякую за дружбу з Насцечкай. Дружба — вялікая справа. Без дружбы чалавеку цяжка жыць, чуеце, дзяўчаткі? Дружба робіць вялікія справы. І ў няшчасці, і ў радасці без дружбы чалавеку нельга быць. Шануйце, дзеці, дружбу, гэта самае дарагое і важнае, што ёсць у чалавека. Вырастайце вялікія і аберагайце праз усё жыццё дружбу. І ведайце — асабліва моцная павінна быць тая дружба, што ўстанаўліваецца ў маленстве і ў маладыя гады.

Серж раптам зарыдаў і кінуўся да дзвярэй. Дзеці кінуліся да акна і ўбачылі, што ён шпарка пабег завулкам. Маці яго акінула вачыма ўсіх, і ў позірку яе гэтулькі было пакут за сваё дзіця.

— Што гэта за хлопчык? — сказала Насціна мама. — Я і не заўважыла яго адразу.