Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта… гэта… мой. Я пасля раскажу, — ціха прагаварыла Сержава маці.

— Ён цяпер пабяжыць дадому, — сказаў Насцін дзед. — Гэта і добра, няхай пабудзе сам з сабой, паспакайнее.

— Ён больш такім не будзе, — сказаў Сержаў бацька моцна і рашуча, і тон яго голасу настроіў усіх на весялейшы лад.

Усе сядзелі за сталом, на які Насціна мама ўсё больш і больш ставіла ўсялякіх пачастункаў. Сержава мама пачала памагаць ёй. Надзя выскачыла з‑за стала і пачала пераглядаць патэфонныя пласцінкі.

— «Лезгінка»! — закрычала яна раптам.

— Ой, дзевачкі! — крыкнула Рая.

А Насцечка зусім страціла сваю ранейшую гаспадыньскую сталасць. Ёй хацелася песціцца і быць каля мамы. І калі мама падыходзіла да стала, Насцечка прыхілялася да яе галавой. Нарэшце мама села каля сваёй Насцечкі. Праз паўгадзіны, пасля першай шклянкі чаю, паміж вялікімі за сталом ішла жывая і вясёлая гаворка. А дзеці завялі патэфон і пачалі танцаваць асецінскую «Лезгінку». Дзед не вытрымаў. Ён адышоўся да сцяны, глядзеў на дзяцей, у такт танца ляскаў у далоні і прыгаварваў:

— Гоп‑гоп, Насцечка. Гоп‑гоп, Раечка. Гоп‑гоп, Фанечка. Гоп‑гоп, Надзечка.

І на твары яго ўвесь час ляжала пячаць радасці.