Перайсці да зместу

Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А што стала з той дзяўчынай, якая тады выратавала вас ад бандытаў? — запытаў Серж.

— Я тады… — пачала гаварыць Сержава маці, але Серж перабіў яе:

— Пры чым тут ты! Не перашкаджай расказваць.

Маці ўсміхнулася, а бацька сказаў:

— А тая дзяўчына з фурманшчыкам дайшлі да вёскі пазней за нас, яны не маглі перайсці занятую бандытамі дарогу. Перад вечарам на тое месца прыехалі чырвонаармейцы, якім я наказаў у мястэчку.

— Той фурманшчык, — сказала маці, — як толькі явіўся дадому, пачаў бедаваць, што недзе там астаўся яго конь. А праз некалькі дзён чырвонаармейцы прывялі яму яго каня.

— Пры чым тут ты! — закрычаў Серж. — Бацька, а што стала пасля з той дзяўчынай?

— О, яна засталася знаёмая мне на ўсё жыццё.

— А цяпер яна дзе?

— Ты яе вельмі добра ведаеш. Толькі яна цяпер ужо не такая маладая, з таго часу прайшло дзесяткі два год.

— Як жа я яе ведаю? — аж падскочыў на сваім крэсле Серж. — Дзе яна?

— А от яна. Гэта твая мама.

Серж адкінуўся на спінку крэсла і разявіў рот ад здзіўлення, не зводзячы вачэй са сваёй маці.


Насцечка Закрэўская апошнімі часамі ўжо пачынала сумаваць без сваёй мамы. Асабліва гэта здаралася тады, калі ўвечары, падрыхтаваўшы свае ўрокі, яна слалася спаць. Спала яна на канапе. У гэтыя часы дзед яе ўжо спаў, і яна была адна сама з сабою. Паслаўшы пасцель, перад тым як легчы, яна вылічвала, колькі яшчэ аставалася да сакавіка месяца, калі мама назаўсёды прыедзе з Масквы. Аставалася яшчэ многа часу, і Насцечка не магла вытрымаць: яна скоранька прысядала к сталу і пісала маме пісьмо. Так было бадай штодзень. Кожнае пісьмо было кароткае. Калі збіралася пісем тры, Насцечка складвала іх у адзін канверт і пасылала ў Маскву. А тады тушыла святло і, узбуджаная, прыпадала тварам да аконнай шыбы. Позна яшчэ не было. Завулкам праходзілі людзі, часам праязджала машына. Насцечка любіла, калі веча-