што гэта такое. Мы перабеглі цераз дарогу, і Закрэўскі яшчэ раз стрэліў наўздагон тым двум. Яны недзе скрыліся ў лесе. Вельмі шпарка перайшлі мы цераз прыдарожны лясок і выйшлі на поле. І тут Закрэўскі застагнаў. Нейк адразу ён абмяк, і я ўбачыў, што ў яго з нагі, вышэй калена, сочыцца кроў.
— Раніў гад мяне, — сказаў Закрэўскі і абаперся на маё плячо. Я ўзяў з яго рук рэвальвер.
— Пусты, — сказаў Закрэўскі, — няма больш чым страляць. — І яшчэ мацней застагнаў. Я трымаў яго пад плячо, і так мы дайшлі да вёскі. Адтуль на фурманцы мы прыехалі ў мястэчка, і Закрэўскі тады больш як месяц ляжаў у бальніцы. Паправіўшыся, ён стаў працаваць на тым самым месцы. Нага яго асталася крыху папсаванай. Яна яму хоць і не балела, але ён на яе накульгваў, не вельмі моцна, але гэта было відна. Так у яго і асталося назаўсёды. З таго часу мы з ім сталі блізкімі людзьмі. Ён мне быў як родны бацька. Памагаў заўсёды і клапаціўся аба мне. Пасля я паехаў вучыцца, а ён выехаў працаваць у іншае месца. Мы пісалі адзін аднаму пісьмы, а ўлетку я прыязджаў да яго ў госці. У яго быў сын, мой аднагодак, ён стаў маім блізкім таварышам. Аднойчы Закрэўскі напісаў мне страшную вестку: яго сын, зусім яшчэ малады чалавек, памёр, пакінуўшы маленькую дзяўчынку і асірацелую жонку. Сын яго быў у вёсцы настаўнікам. Прайшло яшчэ некалькі часу, і нейк так здарылася, што мы не сустракаліся. Апошнія гады мы не ведалі адзін пра аднаго нічога. А нядаўна я спаткаў яго тут на вуліцы. Мы так узрадаваліся адзін аднаму, што абняліся проста сярод вуліцы, не зважаючы на тое, што на нас азіраюцца людзі. Ён пераехаў жыць у гэты горад. Ён даў мне свой адрас, а я яму наш. І нешта ён да мяне не заходзіць, можа, ён хворы, ён ужо зусім стары. Заўтра выхадны дзень, заўтра я пайду да яго.
— І я пайду з табой, — сказаў Серж.
— Добра, і цябе вазьму.
Серж ужо любіў гэтага старога чалавека; у яго думках вобраз яго склаўся ўжо, як вобраз героя і вельмі цікавага чалавека, якога можна толькі любіць і паважаць.
— Пайшла б і я з вамі, але мне трэба ісці даведацца таго чалавека, якога Серж так скрыўдзіў. Ну, але я пайду да Закрэўскага другім разам, калі ён да нас скора не прыйдзе. Мне таксама яго вельмі хочацца пабачыць.