Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рамі дзьмуў вецер. Тады, лежачы ў пасцелі, добра было слухаць, як шуміць голы клён каля іхняга акна, і здаецца, што гэта нейкая бесканцовая песня ці доўгі‑доўгі расказ. Сапраўды, гэта быццам нехта нешта расказвае, цікавае, важнае і патрэбнае. А яшчэ гэты шум нагадвае доўгую‑доўгую дарогу, паабапал якой стаяць вёскі і гарады і ўсюды жывуць людзі. Праходзяць паязды, і пыхкаюць дымам паравозы, дымяцца ў небе заводы, зелянеюць паплавы, пагойдваецца жытняе поле, у хвоях чуцен ветравы шэпт, у рэчцы блішчыць пад сонцам вада. А як пахнуць мокрай травой прасторы рачных берагоў! А якое сонца ўзыходзіць яснай раніцай! А які агністы захад бывае ў бясхмарны дзень! І як добра, што пасля восені бывае зіма, а пасля зімы вясна, а тады лета і зноў восень. Колькі ўсяго на свеце многа, і як добра быць сярод усяго гэтага. І як добра, што сярод гэтага свету дзед так жыў, што мае цяпер многа чаго расказаць сваёй унучцы, Насцечцы. І як добра тое, што будзе наперадзе! Увосень слаўна чакаць першага снегу, а зімой — першай травы. І як радасна ўбачыць першы жоўты лісток на дрэве. А самае найпрыгажэйшае лісце бывае ўвосень на асінах. Які колер! Шум ветру за акном пераходзіць у ціхую музыку, расплываецца ў штосьці невыразнае, Насцечка ўжо дрэмле ў сваёй пасцелі, і нарэшце прыходзіць сон, моцны, салодкі і здаровы.

Ноч праходзіць, як адзін момант. Насцечка прачынаецца ўжо раніцой. Дзесяць мінут яна ляжыць і ўстанаўляе ў памяці, што яна будзе рабіць у гэты дзень, а пасля ўстае і шпарка адзяецца. К гэтаму часу ўжо гатова снеданне, і дзед ужо клапоціцца ў кухеньцы і весела падае адтуль голас:

— Расчухвайся, расчухвайся, малая, у школу скора.

А Насцечка заўсёды зробіць дзеду нечаканасць. Адзяецца яна ціха, каб дзед не чуў, а як толькі ён гукне з кухні, каб яна «расчухвалася», Насцечка ў адзін момант з’яўляецца на кухенным парозе, гатовая, адзетая.

— Я ўжо расчухалася, — рагоча яна і бяжыць мыцца.

— Ах ты, матыль, — смяецца дзед і найчасцей патрымае сваю Насцечку з мінуту на руках.

— Ты, можа, будзеш трымаць мяне на руках і тады, калі я стану вялікая? — гаворыць Насцечка.

— О, каб я дажыў да таго часу, калі ты будзеш вялікая, — адказвае дзед. — Ну, матыль, садзіся снедаць… А што мы сёння будзем варыць на абед?