га я табе тут гавару, было — Закрэўскі. І от бандыты вельмі хацелі яго забіць. Мяне тады наша камсамольская арганізацыя назначыла памагаць Закрэўскаму ў працы. Нам удваіх прыходзілася кожны дзень ездзіць па кулацкіх хутарах і шукаць, дзе кулакі хаваюць хлеб. А яны закопвалі збожжа ў зямлю, яно там гніло і прападала марна, але кулаку гэта было прыемней, чым аддаць Чырвонай Арміі.
Адзін раз Закрэўскі са мною паехаў на далёкія хутары. Нам трэба было праязджаць непадалёку таго вялікага лесу, дзе асабліва многа здаралася бандыцкіх нападаў на праезджых. З дому мы выехалі пасля паўдня, а пакуль аб’ехалі некалькі хутароў, то сонца пачало ўжо сыходзіць к вечару. Нам трэба было паспець яшчэ на самы далёкі хутар. Мы ехалі на сялянскай фурманцы, нас было траіх: Закрэўскі, фурманшчык — чалавек з нашага мястэчка — і я. У мяне была вінтоўка, Закрэўскі навучыў мяне добра страляць, у Закрэўскага быў рэвальвер, ну, а ў фурманшчыка, вядома, апроч пугі, нічога не было. Мы ехалі шырокай дарогай, паабапал яе былі паплавы і часамі дробныя хвойнічкі. Месца было нізкае, часамі да самай дарогі падступала балота з высокай асакой і грузлым куп’ём. На сонцы было горача, хоць к вечару спёка зменшвалася. Птушкі спявалі навокал нас, у хвойных лясах густа рос верас і зелянеў ягаднік. Скрозь па дарозе ішлі тэлеграфныя слупы, а перад намі ўвесь час лётаў дробны каршачок. Мы з цікаўнасцю за ім наглядалі. Ён адляціцца ад нас далёка наперад і сядзе на тэлеграфны слуп, а калі мы пад’едзем бліжэй, ён зноў адляціцца і зноў сядзе. Так ён, можа, кіламетраў сем ляцеў перад намі.
У адным месцы дарога пайшла крыху ўгару, і злева дарогі мы ўбачылі вялікі кавалак засеянага маладога хвойнага лесу. Хвойкі былі вышынёй з чалавечы рост, не большыя, і раслі яны так густа, што праз іх, здавалася, цяжка было прабіцца. Я стаў на фурманцы, каб вышэй зірнуць, і ўбачыў, што гэты малады зараснік цягнецца ўглыб ад дарогі на некалькі кіламетраў; канца яго не відаць было.
— Ох, тут ваўкоў многа збіраецца, тут увосень іх цэлае зборышча, — сказаў фурманшчык, махнуўшы пугай на зараснік.