— З простым воўкам прыемней спаткацца, чым з воўкам кулацкім, — сказаў Закрэўскі.
— Праўда, — сказаў фурманшчык. — Я, прызнацца, баюся тут ехаць, яшчэ напорамся на бандытаў.
— Разумныя кажуць, што свет трымаецца на смелых людзях, — адказаў на гэта Закрэўскі.
Сержаў бацька змоўк і спыніўся закурыць. Яны былі ўжо нападалёку свайго дома. У бацькавым расказе Серж некалькі разоў чуў ужо прозвішча Закрэўскі, і кожны раз, чуючы гэтае слова, ён з непрыемнасцю і нейкай незразумелай трывогай успамінаў Насцю Закрэўскую. І кожны раз стараўся не думаць аб ёй.
— Ну, расказвай далей, — сказаў ён бацьку.
— Мы праехалі яшчэ кіламетры два, як раптам убачылі, што з хвойнага зарасніку выйшаў чалавек. Ён быў невялікага росту, у ботах, у штанах з фарбаванага начорна палатна і ў суконнай жакетцы наапашкі. Шапку ён трымаў у руцэ і абмахваў ёю спацелы твар.
— А хто гэта быў? — не вытрымаў Серж.
— Пачакай, раскажу ўсё парадкам. Гэты чалавек пачаў падбліжвацца да нашай фурманкі, і мы паміж сабою пераглянуліся.
— Ой, утаміўся ідучы, — сказаў чалавек, падыходзячы зусім блізка. — Ногі забалелі. Можа, падвязеце крыху?
— Нас і так трох на возе, каню цяжка будзе, — злосна адказаў наш фурманшчык, падазрона не спускаючы вачэй з незнаёмага чалавека.
— Мне тут недалёка, — самым мірным тонам сказаў незнаёмы.
— А нам яшчэ далёка, конь стомлены, дарога цяжкая. Вы дойдзеце скора, а мы яшчэ немаведама калі заедзем.
Тут мы заўважылі, што з зарасніку выйшаў другі чалавек і ідзе проста да нас.
— Падвязіце, ногі баляць, — сказаў ён.
Наш фурманшчык зірнуў на Закрэўскага, а пасля на другога незнаёмага і ўжо хацеў нешта сказаць, як раптам з зарасніку выйшла яшчэ трох незнаёмых, і гэтыя наперарэз пайшлі нашай фурманцы.
— Не хочуць падвезці! — гукнуў ім першы незнаёмы.
Трое незнаёмых зарагаталі, і адзін з іх хапіў нашага каня за аброць і скіраваў у лес.