— Калі я быў малы, такі, як цяпер ты, — сказаў ён Сержу, — я любіў такі час, калі блізіцца зіма. Але я і ўсялякі час у годзе любіў.
Гаворачы так са сваім Сержам, ён адчуваў патрэбнасць расказаць каму-небудзь аб сваім жыцці, аб самім сабе, аб тым, што было і ёсць у яго жыцці добрага, дарагога і слаўнага. І яму раптам стала крыўдна, што яго сын нічога не ведае аб ім, сваім бацьку, і што ён сам мала цікавіўся сваім сынам. Яму нават стала страшна ад таго, што паміж ім і яго малым няма дружбы. А без гэтай дружбы чагосьці вялікага і патрэбнага не хапае ў жыцці. Дружба тут павінна быць вялікая, моцная і вечная.
— Ведаеш, Серж, — сказаў ён, — мне трэба табе многа чаго расказаць.
— Ну, раскажы, — сказаў Серж. — Ты ж мне ніколі нічога не расказваеш.
— Не, гэта не то, што за адзін раз што-небудзь расказаць. Я табе многа буду чаго расказваць. У мяне была вельмі цікавая маладосць. І мне сорамна перад самім сабою, што я ніколі яе не ўспамінаю нават і сам сабе.
— А што ты рабіў, як быў малады? Раскажы, як ты вучыўся? На выдатна?
— Я тады і не вучыўся.
— То ты, мусіць, і камсамольцам не быў? Бо як гэта, — каб камсамолец ды не вучыўся?
— Пачакай, тады камсамол толькі што з’явіўся на свет. Гэта было дзесяткі два год таму назад. Я тады недалёка ад нашага горада, у адным вялікім мястэчку, служыў парабкам у кулака. Тут тады былі палякі, яны захапілі былі гэтую мясцовасць, з імі тады ваявалі. А як Чырвоная Армія іх адгэтуль прагнала, у наша мястэчка прыехаў з горада чалавек. Ён быў раней рабочы на заводзе, а тады многа рабочых, якія змагаліся з палякамі за савецкую ўладу, паслалі ва ўсе канцы Беларусі ўстанаўляць пасля палякаў савецкі лад. Гэты чалавек быў назначан на тое, каб сабраць хлеб у кулакоў для Чырвонай Арміі. Ён быў упаўнаважаны на гэта па ўсёй нашай воласці. Кулакі не хацелі даваць хлеба. Кулакі ішлі ў банды. А ў нашай воласці было многа лясоў, і самы большы лес за кіламетраў дзесяць ад мястэчка. Там банда кулацкая і засела. Бандыты нападалі на савецкіх работнікаў і забівалі іх. Прозвішча таго чалавека, пра яко-