Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Табе ж казалі ў школе, што ён прабіў цвіком пасуду, у якой дзяўчынка газу несла. Хіба можа быць большая пакасць? Няхай сабе яго першага зачапілі. Але ж гэта расправа гордага паніча. Тая дзяўчынка і вучыцца, і працуе, а ён не адчувае гэтага. Я сама пайду да таго старога чалавека і пагавару з ім. І, калі трэба будзе, я прымушу Сержа папрасіць у яго прабачэння. Няхай папросіць, каб стары чалавек дараваў яму.

— Добра, ты ідзі да таго чалавека, а я пагавару з Сержам.

— Калі мой сын зрабіў таму чалавеку прыкрасць, то для мяне гэта тое, што я сама пакрыўдзіла чалавека. Мне самой брыдка і горка.

Серж усё гэта чуў. Ён адчуваў толькі тое, што ён трапіў у бяду. Назаўтра бацька прыйшоў з працы таксама раней: ён хацеў як найбольш пабыць разам з Сержам. Ён выйшаў з ім на вуліцу, і яны пайшлі да чыгуначнага пераезда. Уздоўж рэек, над высокім адкосам, была вузкая сцежка, пратаптаная пешаходамі. Абапал чыгункі выходзілі сюды невялікія дамы з садкамі і агародзікамі. Тут многа было дрэў, яны стаялі зусім голыя, і на прымерзлай ужо зямлі ляжала іх высахлае лісце.

— Зараз будзе зіма, — сказаў бацька Сержу. — Зямля мерзне. — І Сержаў бацька падумаў пра сябе, што ён сам вельмі мала апошнімі гадамі аддаваўся вялікай прыемнасці заўважаць тое, як жыве прырода. Ён так быў заўсёды заняты працай, што дзень за днём ішлі для яго неўзаметку. «Таксама я не заўважаў, як расце Серж», — думаў ён. У яго з’явілася адчуванне, што быццам ён страціў нешта добрае і патрэбнае, нават такое, без чаго нельга яму жыць шчасліва, і гэта страчанае трэба вярнуць назад. Ён вёў Сержа за руку і адчуваў радасць ад таго, што вось пачынаецца вечар, і што ціхі вецер цягне з далечыні і абвявае яго твар, і што недзе там, за далёкімі дрэвамі, куды ідуць чыгуначныя рэйкі, вецер расчысціў ад хмар неба, і цёмная сінявасць яго згушчаецца ў вячорны змрок. «Усё добра, — думаў ён, — добра, што ў вокнах вялікіх і малых дамоў запальваюцца агні, добра, што пагойдваецца галлё старой бярозы, пад якой яны цяпер ішлі, добра, што з коміна завода, недзе над дахамі дамоў, плыве струмень дыму і што там загуў гудок». Яны ішлі ўсё далей і далей, дайшлі бадай-што да ўскраіны гэтага прыгарада і пайшлі назад.