Перайсці да зместу

Старонка:Bujla.Kurhannaja kvietka.djvu/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Чаму?…

Скажы, мілы, чаму —
Толькі гляну я ў вочы твае —
Мне здаецца, што ноч прад сабою я маю?
Так глыбокі яны, як яна,
І так ясны, як зоркі яе.
Ажно часам я вочы свае прыжмураю…

Скажы, мілы, чаму
У глыбокае іх глубіне,
Як на кніжцэ патчаc — так чытаць я гатова?
Уся глуб твайго сэрца у іх
Чорна-яcным атсьвеціцца дне,
Адабьецца ляпей і ясьней, як у словах…

Чаму c сілы усей
Часам хочэцца мне закрычаць:
Не глядзі — адвядзі ад мяне свае вочы!
Бо ўсё тое, што часам у іх
Мне удасца ўглядзець, прачытаць,
То мне разум, душу і ўвесь сьвет замарочэ?…

Не глядзі!… Я — ў сваю,
Ты ў сваю у старонку пайдзём;
Мы — чужые, чужымі і будзем век цэлы,
Хоць твой ўзгляд, як-бы бондар які,
Усе думкі мае абручом
У адзін круг скаваў, круг чароўны і цэлы…

Будзь здароў-жэ цяпер! —
Я іду — ўжо пара мне ісьці!
Не глядзі — ўжо і так душа поўна табою…
То, што ў сэрцэ ты мне зараніў,
Як той сьветыч — у цёмным пуцьці
Будзе вечна ісьці і сьвяціць прада мною.