Старонка:Bujla.Kurhannaja kvietka.djvu/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А віхор на вадзе закруціў—зашумеў,
А на небі ўжо гром раскаціўся — грымеў,
Ў хвалі кідала лодку і нас…

Ты-ж весла ухапіўся і сьмела устаў;
Лодку кідала, гнала — ты сьмела стаяў!
Хвалі гнаные ветрам стагналі, раўлі,
С плескам брызгалі ў лодку і далей плылі;
Ты ня дрогнуў — стаяў — веславаў…

І здавалася мне, што ты бог над вадой;
Не баялась я буры, бо ты быў са мной.
Ты прыгнуўся, спакойна руку маю ўзяў
І, заглянуўшы ў вочы, мне з моцай сказаў:
— «Будзь спакойна: я — тут, я — с табой»…

Хоць нас вецер шалёны на хвалях насіў
І хоць човен ён гнаў, і кідаў, і круціў, —
Ані разу ад страху ня дрыгнула я,
Бо ў руках у тваіх рука была мая,
Бо ты, мілы, са мною там быў!..