Дзень сканаў за гарой, а над соннай зямлёй
Выплыў месяц пурпурна-крывавы;
Над разлогамі ніў хутка-шыбка ён плыў,
Прытрымаўся над соннай дубровай.
Між адвечных дубоў асьвяціў рой крыжоў,
У высокай траве прытаіўся;
Плямай яснаю поўз па курганах, як смоўж,
То малюнкам на небе лажыўся.
Ціш усюды — спакой… Над званіцай старой
Звон зыклівы раптоўна раздаўся;
Разам з ім — пад дубом — над старым курганом
Трэснуў камень і з гукам распаўся.
І ад дзіваў такіх вецер змёршы заціх,
Месяц хмаркаю ў небе закрыўся;
С-пад раскопаў зямлі цені шпарка ішлі, —
Во адзін з іх к крыжу прысланіўся.
У мазолях рука — верны знак мужыка,
Сьвецяць дзіўным агнём яго вочы;
І з грудзей гукнуў кліч: «Брацьця! ўсе, хто тут сьпіць!
«Брацьця, ўстаньма усе гэтай ночы!
«Сярод ніў ды палёў хараводаў-кругоў
«Мы натворым, успомнім былое;
«Песьню так завядзём, як тады, як агнём
«Ў нас кіпела жыцьцё маладое.
«Хай-жэ песьня ляціць, хай жэ песьня гудзіць,
«Разальецца па долах, па нівах!
|