Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Хворы адным махам выпіў шклянку гарэлкі. Слуп пачаў сам з сабою разважаць:

— Гарэлка пры розных хваробах памагае. Пераядае пошасць. Ачышчае кроў. Паправішся, братку!

Бочка наліў яшчэ. Хворы выпіў.

— Паправішся!

Хворы выцер вусы і запытаўся:

— Дык што-ж там робіцца ў вас?

Пры гэтым запытанні хворы зрабіўся больш цвярозым, чым да выпіўкі.

— Вось незадаволены людзі адны адным. Нечага новага захацелі. Пачалося з таго, што прыехаў сюды нейкі таварыш, які ў Мінску вучыцца, нейкі Мікола Ярэмчык.

«З усіх бакоў, — падумаў хворы. — Там Гайдачаны. Тут новы яшчэ…»

— Склікаў сход і чорт ведае, што нагаварыў.

— Аб чым гаварыў?

Аб усім. У нас, як-бы сказаць, кулакі і беднякі, багатыя крыўдзяць бедных. Гаварыў, што Курганішча трэба зрабіць, як-бы сказаць, цэнтрам калгаса. Але многія за цябе стаялі. У цябе, прыкладам, культурная гаспадарка. Ты — разам з начальствам, добра да людзей адносіўся. Некаторыя-ж на сходзе пабіць хацелі гэтага Міколу Ярэмчыка, вялі каманду на тое, каб юху з яго спусціць.

— Вось як… — сказаў хворы лагодным голасам. — Вось як…

І падумаў:

«Гэты горш за Антося Драчыка з Гайдачан. А я-ж яму яшчэ пасылку ад бацькощ аж на кватэру занёс. Старом бацьку праз Рахмільку пяцьдзесят рублёў падкінуў, каб да мяне не чапляўся… Забраць Курганішча…»

Хвораму захацелася цяпер застацца сам-на-сам. Лёг і застагнаў. У вачах відаць быў выраз пакуты.

Слуп і Бочка занепакоіліся:

— Зноў горш стала?

— Можа лякарства якое падаць?

Хворы завойкаў:

— Выбачайце, суседзі. Мне трэба аднаму застацца. Нешта ўнутры рэжа. Вось тую бутэлечку з чырвонай паперкай!