Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хворы думаў:

«Пасля выпіўкі ў Кавалькевіча развяжацца язык. Ён сябе пакажа не толькі як аграном, але і як чалавек...»

Аграном, як наўмысне, так асалавеў пасля гарэлкі, што зусім змоўк. Парываўся некалькі разоў жартаваць са Стэфкай, але язык не варочаўся. Нарэшце, прышлося палажыць яго спаць як малое дзіцё. Не паспеў хворы распытацца ў яго нават аб гайдачанах. Не аб тым, што там робіцца, пытацца хацеў. Гэта ён добра ведае. Хворы хацеў ведаць погляд агранома на калектыў і Гайдачаны.

«...Аслабіў лейцы сваёй „рэспублікі“. Што зробіш — хворы... Папраўлюся, тады...»

Усе трубілі, што памрэ, але ён спадзяваўся: «папраўлюся». Глядзеў у акно на аснежаны сад і меркаваў новыя планы аб узмацненні «рэспублікі». Курыў папяросу за папяросай, задумёна глядзеў на сінія колцы дыму, і ў яго мазгах блукалася адно запытанне:

- "Калі сваякі прышлюць ліст з Мінска?"

Прышлі да яго Слуп і Бочка з навіною:

- Сярод Драздоў і Дзятлаў нялады. Заварылі нейкую кашу. Глядзяць адны адным у гаршкі (ад баб сваіх навучыліся.) Мераюць языкамі, у каго больш зямлі - у каго менш, у каго больш жывёлы - у каго менш, хто больш зарабляе - хто менш, хто лепш жыве - хто горш...

Запахла гайдачанскім ветрам. Дразды і Дзятлы таксама пачалі гаварыць пра калектыў.

- Для гайдачан я ў гэтым кепскага не бачу, - асцярожна сказаў хворы. - І ў Драздоў і Дзятлаў наладзім калектыў, як надыйдзе для гэтага час. Я нават памог-бы. Толькі хто яго ведае, ці выкарабкаюся ад гэтай паганай хваробы...

Слуп і Бочка пілі гарэлку і пацяшалі яго:

- Паправішся.

- Пабачым... - гаварыў хворы сумным голасам. - Падайце мне шклянку.

- Вось так і трэба!

- Правільна!