Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паводле Сухарукага:

- Гэты самы рак не ад вады, а нейкая жывая штучка мазгі грызе ў чалавека. Глядзі, Крушынскі багаты чалавек, а ўсёроўна яму каюк. Што-ж, альбо рыбка, альбо піпка!

Дзівіліся суседзі:

- Чаму гэта Сымон Чарнюк, родны бацька, яго не лечыць?

Паўзлі чуткі па вёсках, па хутарах, ад чалавека да чалавека:

- Крушынскі памірае...

У гэты час лавілі людзей з кантрабандай на граніцы, высылалі іх кудысьці далёка на поўнач. Сціхла на мяжы. Хто з людзей дапамагаў вазіць і пераносіць замежны тавар, хаваўся па шчылінах і, дрыжучы, чакаў, пакуль сціхне бура.

Крушынскі ляжаў у бакавым пакоі побач з "салонам". Адзінае акно выходзіла ў сад. Яно здавалася хвораму вокам вялікага свету. Ён праз шыбы назіраў за тым, як надыходзіла восень, як яна шалясцела па дрэвах, шуршала сцвярдзелым, як бляха, лісцем. Сад пажаўцеў. Разам з хмарамі колеру волава, якія віселі цяжкімі футрамі над зямлёй, завандравалі вятры. Яны скублі, нібы пер'е з курэй, лісцё з адранцвянелых дрэў, гудзелі, свісталі за акном, сцёбалі веццем у сцяну і клікалі хворага:

- Ідзі да нас. Мы цябе паімчым на граніцу. Ночы цяпер вільготныя і цёмныя. Ідзі да нас...

Крушынскі стагнаў.

Настачка і Мзей, малыя дзеці хворага, шушукаліся ў "салоне".

- Татка хворы...

Галасы трывожныя. Вочы спалоханыя.

Жонка Крушынскага больш чым раней цяпер занята гаспадаркаю. Часта падыходзіць да мужа, раіцца аб тым ды аб сім.

У шапатлівым голасе жонкі захаваная радасць.

- Можа, адправім цяпер Стэфку? Трэба-ж вельмі яе асцерагацца...

- Не можна цяпер. Яшчэ нам шкоды наробіць. Няхай бавіцца ў салоне з дзецьмі.