Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адыходам гэтых двух, карысных для яго, людзей змяншаюцца яго сілы, яго магчымасці.

"... Будзе цяжэй..."

Не стрымаўся. Па-воўчаму ляпнуў зубамі і ўтаропіўся ў "Льва Талстога" злоснымі вачыма.

Стары гэта запрыкмеціў і з асаблівым гонарам развітаўся.

Прасіў некалькі разоў прабачэння за турботы, часта паўтараў "тоісь", "так", "трэба прызнацца" і сунуўся да дзвярэй задам, нібы бараніўся ад гаспадара белай барадою.

Крушынскі чуў, як "Леў Талстой" ляпнуў клямкай у сенцах і смялейшым крокам дабег да свайго каня.

"Відаць, баіцца, каб я за ім не пагнаўся..."

Зірнуў з зацікаўленасцю праз акно.

"Леў Талстой" спрытна ўскочыў на воз, схапіў лейцы і сцебануў пугай каня. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег.

Крушынскі аж нагамі затупаў ад злосці і ўголас сказаў:

- Стары прахвост! Дурны, як бот! Думае, што лепшы за мяне.

Ён выскачыў на ганак.

Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку, як тулава кабана. Крушынскі азірнуўся ва ўсе бакі.

...На дзядзінцы ні жывой душы...

Урэпіўся рукамі ў мяшок і лёгка занёс у сенцы.

Зараз-жа ўвайшоў у бакавы ад "салона" пакой і лёг на ложку. Злаваўся цэлы дзень.

Гэта было ўвосень.

Па ваколіцы ўсе ведалі:

Крушынскі захварэў на рак і ляжыць у ложку ўжо доўгі час.

Галава і Сухарукі спрачаліся: што гэта за яно - рак.

Паводле Галавы:

- Крушынскі глытнуў маленечкага рака. Улетку часта піў з рэчкі. Рак вырас у вантробах чалавека і грызе яго нутро. Мінскія дактары яму гаварылі, што памрэ. Каму па каму, а Крушынскаму два камы!