Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі дзеці пробвалі спяваць, граць на старым папсутым фартап’яне альбо скакаць, цёця Стэфка гаварыла трывожным голасам.

— Татка хворы…

Але хворы прасіў:

— Не звяртайце ўвагі на мяне. Мне весялей, калі шум у хаце. Тады забываюся аб хваробе.

Дзівілася Стэфка такому хвораму.

Як стада авец праз вузкія вароты, чаргаваліся адны за аднымі суткі. Марудна соўваліся дні стомленымі вандроўнікамі, апранутымі ў светлашэрыя світкі. Ледзь краталіся з месца ночы — у цёмных бурнусах. У вачах хворага, які агарадзіўся ад жыцця ў чатырох сценках невялікага пакоіка, кожныя суткі здаваліся годам, нудным і змрочным, ад якога няма дзе дзецца, які пятлёю зацягваецца вакол шыі… Хворы зрабіўся нервовым, прыдзірлівым, як малое дзіцё, зварочваў увагу на дробязь. Ніяк з ядою не маглі ўгадзіць. Часам ляжаў на ложку і затуманенымі вачыма глядзеў у акно. Часам сядзеў пры століку і кніжку чытаў. Калі-ні-калі пляжка гарэлкі стаяла на стале.

Яго свідравала адна думка, драпала, нібы кот кіпцюрамі:

— Калі ўжо мінскія сваякі ліст прышлюць?

Кожны дзень некалькі бліскучых сонечных нітак апляталі яго захаваным цяплом. У такія хвіліны яму здавалася, што варта хварэць. Стэфка ціха стукне ў дзверы яго пакоя і запытаецца:

— Можна да вас?

— Зараз…

Хворы ўзбярэцца на ложак (калі ў той час пры стале сядзіць), укутаецца коўдрай, ляжыць млявы і ледзь-ледзь крэхча…

— Калі ласка, заходзьце… — кажа ён літаслівым голасам.

Стэфка скрыпне дзвярмі, увойдзе і давай аглядацца па баках. Шукае ў абсталяванні пакоя бальнічнага смутку. На акне бутэлечкі з лякарствамі, шпрыц і ампулкі для падскурнага ўпрысквання. Твар Крушынскага бледны, аброс барадою. Хворы ледзь чутна войкае.