Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Ведаеце, суседзе? Мы з жонкаю сварыліся некалькі дзён. Тоісь жонка на мяне крычала і называла па-рознаму. Так.

- Усяляк паміж мужам і жонкаю бывае, - спагадліва сказаў Крушынскі.

"Леў Талстой" як-бы не чуў яго заўвагі. Гаварыў далей:

- Што мы, кажа жонка, жабракі, тоісь галодныя? На што табе жыта чужое, Крушынскага?

- Як чужое?! Гэта-ж маё! Даў я за карэспандэнцыю! Мы-ж суседзі!

"Леў Талстой" паморшчыўся.

- Я, трэба прызнацца, і сам толькі назаўтра агледзеўся, што мяшок жыта ў сенцах стаіць. Так. Я і тлумачыў жонцы: п'яны, кажу, быў. Так. Дык жонка на гэта: адвязі ды адвязі назад, а то сорам! І не думай болей піць, бо гэта табе на галаву шкодзіць. Так. Я кажу, сама адвязі, бо мне няёмка. Яна мне на гэта тыц у вочы сівым памялом, тоісь абазвала сівым памялом, і гэтак далей. Так. Вось я і прывёз, тоісь жыта. Трэба прызнацца, дзякую, суседзе, за дабро, але няхай ваша дабро, як мая старая кажа, пры вас будзе. Так!

- Та-а-ак! нібы водгук, такнуў і Крушынскі.

Было вельмі непрыемна: першы выпадак, калі чалавек адмовіўся ад яго падарункаў.

"Здаецца, на хабары добрую школу калісьці ў земскага начальніка праходзіў..." - падумаў Крушынскі.

Зараз-жа знайшоў тлумачэнне:

"Жонка кіруе старым..."

Хацеў быў запытацца, ці пашле карэспандэнцыю аб гайдачанах у рэдакцыю, але падумаў, што лепш аб гэтым цяпер не гаварыць.

"Даў-жа старому жыта за тое, каб не друкаваў, і вось што выходзіць..."

Гэта быў ужо другі выпадак, калі чалавек выбыў з "рэспублікі" Крушынскага.

Першым быў аграном - дзівак той, а вось другі дзівак - "Леў Талстой". Але той на развітанне вырваў пяцьсот рублёў. Розныя бываюць на свеце дзівакі...

Крушынскаму было не па сабе. Ён адчуваў, што з