Старонка:BNT.Vosienskija i talocnyja piesni.djvu/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

52. ЧАМУ НЕ ПРЫБЫЎ, ЧАМУ НЕ ПРЫЙШОЎ

— Чаму не прыбыў, чаму не прыйшоў
На мае заручынькі?
Ці коні не меў, ці ехаць не хацеў,
Ці мамка не пусціла?
— Я конікі меў і ехаць хацеў
І мамачка выпраўляла,
Меншая сястра, лет не дарасла,
Яна мяне не пусціла:
«Не едзь, брацітка, не едзь, родненькі,
Ды да той нягодніцы,
З’ездзіш конікі вараненькія,
Па полю гарцуючы,
Стопчаш боцікі заловенькія,
З паненкай танцуючы,
Зносіш шапачку бабровенькую,
Галоўку скланяючы,
Змочыш хустачку шаўковенькую,
Слёзачкі ўціраючы.
Выбярэм табе ў сваім сяле
Добрую работніцу».

53. ЧАМУ НЕ ПРЫЕХАЎ, ЧАМУ НЕ ПРЫЙШОЎ

— Чаму не прыехаў, чаму не прыйшоў?
Ці каня не меў, ці сам не пасмеў,
Ці цябе мамка не пушчала?
— Я й коніка меў, я і сам ды хацеў,
Мяне мамка выпраўляла,
Сястра меншая, каб яна большая расла,
Яна мяне не пусціла.
Вяночка не спляла, хустачкі не дала,
Коніка адпрагла, у стойку завяла,
А мяне спаць паклала:
«Не едзь, братачка, не едзь, родненькі,
Па тую нягодніцу,
Возьмем сабе ў сваім сяле,
Яна будзе работніца».