147. Прыдзі, прыдзі, вясна
Прыдзі, прыдзі, вясна,
Прыдзі, прыдзі, красна,
К нам у таночак,
Прынясі нам збожжа,
Прынясі нам красак,
Каб нам звіць вяночак
Едзе вясна, едзе
На залатым кані,
У зялёным саяні,
На сасе седзячы,
Сыру зямлю аручы,
А смыком скародзячы.
Вязе, вязе вясна,
Вязе, вязе красна
Ясныя дзянёчкі.
Частыя дажджочкі,
Зялёныя травы,
Красныя цвяточкі
Нам на вяночкі.
148. Сонейка на прыпечак скацілася
Сонейка на прыпечак скацілася,
І зямліца ўсміхнулася:
— Вазьмі, сонейка, у бога дазволу
І спусцісь дадолу,
Мы табе спяваем,
Мы цябе ўсхваляем,
Прыходзь, мы цябе чакаем.
149. Дабравешчанніко святое
Дабравешчанніко святое,
Пашлі сонейка залатое,
Каб зямелька адышла
Ды вясна да нас прыйшла,
Каб распусціліся ветачкі,
Каб раскраснеліся кветачкі,
Каб лугі зазелянеліся,
Нашы нівачкі адзеліся.