Перайсці да зместу

Старонка:BNT.Viesnavyja piesni.djvu/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вясна мая вясёлая,
Пусці воду па вуліцы,
Пусці воду па вуліцы,
У чыстым полі па даліне.
Да там хлопчыкі збіраліся,
На мёдзік-піва складаліся.

141. Ой, вясна мая вясёлая

Ой, вясна мая вясёлая,
Развесяліла ўсе горачкі,
Усе горачкі,
Усе горачкі-даліначкі,
Даліначкі,
Дзе парабачкі збіраліся,
Збіраліся,
На мёд-гарэлачку складаліся,
Складаліся,
Аб помсце пану змаўляліся.

142. А вясна, вясна, вясеначка

А вясна, вясна, вясеначка,
Вясеначка,
Развесяліла ўсе вулачкі,
Усе вулачкі,
Да ўсе вулачкі-праталачкі,
Праталачкі,
Да дзе хлопчыкі збіраліся,
Збіраліся,
На мёд-гарэлку складаліся,
Складаліся.
Кладзі, дзяцінка, болей за ўсіх,
Болей за ўсіх,
Твая дзевачка луччы за ўсіх,
Луччы за ўсіх,
Яна беленька, румяненька,
Румяненька,
На работачку слухмяненька,
Слухмяненька.