Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рускаго народа, а Язэпаў вол ходзіць па вёсках ды на карты варожэ! — зрэзаў Сёмка Гілёрыка.

Позна вечэрам сябры разышліся. Сёмка угаварыўся зрабіць казлы на вулей, Марцін узяўся садраць лубок, а Гілёрык павінен даць каня з’езьдзіць да Гавакі па пчолы.

II.

Асьцярожна вязьлі мужыкі вулей. Конь йшой памалу, хіба толькі з горкі прыбаўляў ходу і то не па сваей ахвоці: вулей быў залішне цяжкі (Сёмка гаварыў, што сам вулей каштуе рублёў два, а яны с плэчамі далі тры) і пхаў коніка. Сёмка трымаў каня за вобруць, упіраўся плячуком у аглоблю, а нагамі ў зямлю і такім парадкам не даваў калёсам разгуляцца. Марцін йшоў з аднаго боку, Гілёрык з другога, і дзержалі вулей, каб ён не варочаўся і каб не паадпадаліся плястры с пчэламі. Драбіны былі высланы саломаю, і вулей лежаў, як пан у вагоні першаго клясу, жыватом у гару. Даўжнік абвязалі белаю анучаю, а ў вочка ваткнулі пучок кулявой саломы, каб прахадзіў дух і каб не вылеталі пчолы.

Марцін неколькі разоў прыкладаў вухо да вульля, ці не гудуць пчолы. Там было ціха. Марцін думаў, што вулей таўсты, затым нічога і не чутно. Гілёрык так сама прыкладаў вухо з другого боку. Ен чуў як-бы некі шум, але і сам ня мог разабраць, ці то пчолы шумяць, ці сам вулей гудзе, шаруючыся аб салому. Каб разагнаць сумленьня, Гілёрык грукнуў, як тапаром, кулаком па вульі.

— Што ты робіш, каб ты згарэу, каб ты?!..—кінуўся на яго Сёмка: — матку ўстрывожыш! Вось як трэсну табе ў вуха, то не так зашуміць! Цікавы вельмі!