Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Паміж тым пад’ехалі да самаго горшаго мейсца і спыніліся. Трэба было з’ехаць з гары. Гара высокая і прыткая. Сёмка з Марцінам пабраліся за аглоблі, а Гілёрыка пасадзілі вярхом на вулей. Гілёрык упёрся нагамі у крайніе лёсткі, а рукамі ўшчарэпіўся за вулей, каб ня з’ехаў. Калёсы наўперад йшлі ціха, а потым давай каціць барджэй. Марцін ня спрытна ступіў і паднёс сваю ногу пад конскі капыт. Марцін зашыпеў, як вуж, і выпусьціў аглоблю, а сам кульгаючы і скачучы на аднэй назе, ўляпіўся за драбіны.

— Дзяржы!

Гілёрык бачыць, што ад яго залежыць доля вульля, і ён, што сілы, налёг нагамі на лёсткі. Лёсткі зламаліся, і Гілёрык грукнуўся патыліцаў аб вулей, аж ногі задраліся ў гару, а потым на вульлю зьехаў на сьпіне і стукнуўся галавою аб конскі зад. На іх шчасьце, воз ужо зьехаў з гары, і яны адрабіліся адным толькі страхам, калі не лічыць гуза на Гілёрыкавой пыталіцы і садранай скуркі на назе Марціна.

III.

На Сёмкавым прыгуменьні сабралася цэлая чэрада народу. Тут былі мужыкі, жонкі і дзеці. У садзе у Сёмкі — там была грушка, яблынька і дзьве вішні — казлы ўжо стаялі.

Суседзі памаглі зьняць вулей.

— Можэ калі дасьцё мёду пакаштаваць, — сказаў Пятрусь Каптур, плюючы на рукі і беручыся за вулей.

— Абы Бог даў мядок быў, — сказалі «кумы».

— Вулей прыладзілі на казлы, у ногі палажылі плюскаты камень.

Тут Сёмка ўзяў рэшато, ўлажыў у жончыну спадніцу, абвязаў яго паяскамі і уздзеў на галаву.