І іменна гэтыя задачы і вызначаюць глыбока прагрэсіўны характар дзейнасці вучонага, дэмакратычную накірaванасць яго творчасці.
Цікавасць да біблейскіх кніг у яго праяўляецца там і тады, дзе і калі гутарка ідзе, на яго думку, аб гістарычных і геаграфічных ведах, аб «жыцейскай мудрасці» і «дасканалых» норавах людзей. У сваіх прадмовах і пасляслоўях ён часта паўтарае, што прызначае гэтыя біблейскія кнігі «людям посполитым рускаго языка K доброму научению», «к учению и ко обличению, исправлению и ко наказанию правды», «людем простым посполитым к пожитку и ко размножению добрых обычаев»[1]. Скарына разглядаў біблейскія кнігі як крыніцу свецкіх ведаў, як дапаможнікі, якія могуць быць выкарыстаны пры вывучэнні «семи наук вызволенных». Прытрымліваючыся такога погляду, ён нават выдаў свае кнігі ў тым парадку, у якім у прадмове да ўсёй бібліі рэкамендаваў вывучаць сем свабодных навук, што выкладаліся ў тагачасных вышэйшых навучальных установах. Прызначэнне сваіх выданняў ён характарызаваў як «пачатак усякае навукі».
Спецыяльна ў адукацыйных мэтах Скарына выдаў «Псалтирь» (1517). З прадмовы да яе відаць, што ён разглядаў яе як асноўны вучэбны дапаможнік: «детем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науке, мужем моцное утвержение». Аб адукацыйным прызначэнні «Псалтири» ён гаворыць таксама і ў прадмове да ўсёй бібліі, рэкамендуючы вывучаць па ёй граматыку. А «Псалтирь» у той час была найбольш пашыранай кнігай, па якой вучыліся пісьменнасці, чытанню, спяванню і да т. п. Скарына ведаў, безумоўна, аб гэтым.
Адукацыйныя мэты Скарына ставіў не толькі пры выданні бібліі. Характар выданай ім «Малой подорожной книжицы», гэтага кароткага малітвенніка для падарожных людзей, паказвае, што і тут ён клапаціўся таксама аб пашырэнні некаторых элементарных навуковых звестак. Зыходзячы з гэтага, ён перапрацаваў кнігу і па зместу, і па форме, асабліва пятую частку, так званае «последование», дзе ім змешчан каляндар. Свецкі напрамак у календары адрознівае яго ад звычайных царкоўных календароу таго часу, якія з'яўляліся свайго роду
- ↑ Прадмовы і пасляслоўі Скарыны да кніг „Притчи", "Екклесиаст", "Числа", "Судей", "Юдифь", „Эсфирь" і інш.