Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

значныя сілы таго часу. Што датычыць дробнай буржуазіі, дробнай шляхты, мяшчанства, рамесьнікаў і г. д., дык Велепольскі і ня думаў дагаварыцца з імі, бо лічыў іх рэволюцыйным элемэнтам, з якім трэба не дагаварвацца, а які трэба ўгамаваць рэпрэсіямі.

Паколькі згоднікам не ўдалося схіліць на свой бок шляхты з Земляробскага Таварыства, Велепольскі цьвёрда стаў на думцы яго зачыненьня. Гэтая думка была выказана ім яшчэ ў тым проекце, які ён падаваў расійскаму ўраду, але ён не рэалізаваў яе, думаючы дагаварыцца з А. Замойскім. Цяпер ён прыступіў да рэалізацыі. Велепольскі лічыў, што Таварыства, якое складала моцную організацыю, зьяўляецца як-бы ўрадам у ўрадзе і такім чынам парушала адзінства яго пляну і атрыманай ад расійскага ўраду ўлады. Намесьнік быў проці зачыненьня Таварыства, але пад націскам Велепольскага здаўся і згадзіўся на зачыненьне, б красавіка 1861 году ўва ўсіх варшаўскіх газэтах зьявіўся загад намесьніка аб зачыненьні Земляробскага Таварыства. Мотыў зачыненьня быў такі: таварыства было адчынена з мэтаю падняцьця земляробства; становішча; якое набыло таварыства ў астатнія часы проці свайго статуту, робіць таварыства неадпавядаючым сучасным абставінам.

Адначасна з гэтым Велепольскі, як дырэктар камісіі рэлігійных вызнаньняў, ударыў і па духавенству. У газэтах зьявілася спэцыяльнае „азнаямленьне“ такога зьместу. Некаторыя з духавенства абвясьцілі з амбону пастанову Земляробскага Таварыства аб аб‘улашчаньні сялян. Дзякуючы таму, што сяляне няправільна зразумелі гэтую пастанову, у многіх мясцовасьцях адбыліся сялянскія непарадкі. Захоўваючы поўную свабоду духавенства ў межах касьцёлу, улада не дазволіць нікаму ўмешвацца ў дзяржаўныя справы.

Зразумела, усё вышэйпаданае вельмі абвострыла ўзаемаадносіны паміж опозыцыйнымі коламі Варшавы з аднаго боку і Велепольскім з другога боку. Белыя колы маўчалі. Але што датычыць чырвоных колаў, дык яны распачалі актыўную опозыцыю проці згоды. 7 красавіка была організавана маніфэстацыя перад будынкам зачыненага таварыства і наладжаны овацыі старшыне таварыства Замойскаму. Перад будынкам таварыства сабралася каля некалькіх тысяч чалавек. Будынак, асабліва ўваходныя дзьверы, былі прыбраны кветкамі і гірляндамі. Двухгаловы чорны расійскі арол быў завешаны матэрыяй з намалёваным на ёй белым крыжам. З паперы выразалі белага арла, паднялі яго ўгару і зрабілі яму овацыю. Пасьля гэтага ўсе пачалі разыходзіцца, дзякуючы ўгаворам старога генэрала Панюціна. Замойскаму другая процэсія паднесла вянок. Замойскі выгнаў на балькон і ўгаварваў не рабіць маніфэстацый, а чакаць лепшай будучыны з надзеяю на бога. Тым ня менш маніфэстанты зноў пачалі зьбірацца і агромністай масай, у некалькі дзесяткаў тысяч, сабраліся каля дварца намесьніка. Намесьнік выехаў да маніфэстантаў і ўгаварваў іх разыйсьціся.