Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аслабаніўшыся на хвілінку, ткнуў яму кавалак кардону на падклейку выразаных з паперы салдацікаў, а пакуль дзівіцца аграмадным колцам нажніц, прабуе падняць клявец, садзіць нос у гаршчок з клеем і амаль што не каштуе яго.

Ветлівасьць старога Мэндэля стварае атмосфэру ўзаемнага сяброўства.

Добра, мабыць, старому Мэндэлю. Хоць яму шэсьцьдзесят сем год, трымаецца ён бадзёра і добра. Тыповы, завялы ад працы, твар важны і спакойны.

Валасы яго амаль зусім сівыя, а пра доўгую бараду і гаварыць няма чаго. Упалыя грудзі пад скураным хвартухом дыхаюць цяжка, а сутулая сьпіна ня хоча распрастацца. Але і гэта не бяда, пакуль служаць ногі і вочы і знаходзіцца яшчэ сіла ў руках. А калі становіцца цяжка дыхаць, напіхае тытуном люльку і адпачывае.

Тытун у яго не дарагі, але ад яго ідзе такі прыгожы сіні дымок. і ў дымку ёсьць адна асаблівая, дзіўная ўласьцівасьць: у ім відаць шмат чаго і нават тое, чаго даўно няма.

Відаць у ім і Рэйзя, жонка Мэндэля, з якой ён так добра пражыў трыццаць год; відаць сыны, якія разьляцеліся ў розныя бакі, быццам лісты ад ветру; відаць дзеці гэтых сыноў; відаць і туга, і радасьць, і клапоты; але больш за ўсё відаць малодшая дачка; яна рана вышла замуж і рана памерла, і пасьля яе застаўся адзін унук.