Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

віць папрыгажэй у рамку» прывітальную картку, на якой залаты анёл паказвае на маладога чалавека з букетам руж у руцэ; ведае, калі студэнт, што жыве на вышках, не палуднуе; ведае, адкуль прыбяжыць інстытутка і папросіць пераплесьці «ў блакітнае з залатым абрэзам» перапісаныя на паштовай паперы вершы Чэслава і Гавалевіча[1].

Ён усё ведае.

Ён ведае ўсё, што можа ўбачыць шэрымі зіркімі вачыма, што можа пачуць, што можа перадумаць за доўгія гадзіны, калі, як дзяцел, стукаеш кляўцом, раўняеш і абрэзваеш папяровыя лісты, варыш клей, зьмешваеш фарбы.

І яго таксама ведаюць усе. Рэдка зойдзе сюды чужы; усе тут быццам свае, хатнія.

Сусед насупраць, лысы майстар гадзіньнікаў, улетку вітаецца з ім праз адчыненае акно і распытвае пра Бісмарка; сухотны канатчык прывязвае да яго дзьвярэй сваю пяньку і цяжка дыхае, круцячы яе ў вузкіх, напалову цёмных сенцах хаткі; худы студэнт з вышак, доўганогі, як журавель, вечарамі прасоўвае ў пакой галаву на доўгай тонкай шыі і просіць пазычыць сальны недагарак сьвечкі, які «зараз аддасьць, толькі трошкі папіша»…

Крамніца выменьвае ў яго чорную рэдзьку на калёрныя папяровыя абрэзкі, з якіх яе хлапчукі склейваюць сабе славутых зьмеяў; гаспадарскі сын прастойвае ў яго гадзінамі, чакаючы, каб Мэндэль,

  1. Польскія поэты мінулага стагодзьдзя.