Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І, сапраўды, гэтае лета Ісайку прыходзілася амаль ня штодзень уцякаць уніз і залазіць у куток, уздрыгваючы ад жудасьці. Амаль ніводнага вучэньня не праходзіла без таго, каб ня было экзэкуцый. Каралі па некалькі чалавек. Капітан патрабаваў, каб матросы працавалі, «як чэрці», і, калі, напрыклад, парусы ўмацоўвалі ня ў тры, а ў тры з паловаю хвіліны, дык усіх спозьненых марсавых з іх унтэр-афіцэрамі білі лінькамі. У тыя часы было фарсаўство на хуткасьць работ, і кожны капітан хацеў вызначыцца. Гэта быў асаблівы морскі шык.

Усё гэтае плаваньне Ісайка заўсёды знаходзіўся ў нейкім напружаным становішчы страху і асабліва баяўся аўралаў, калі і яму прыходзілася выбягаць наверх і бачыць гэтага высокага, шырокаплечага чалавека з суровым, чырвоным тварам, стаяўшага на юце, расставіўшы ногі і грозна пазіраючы на работы.

Мёртвая цішыня панавала ў такія хвіліны на палубе. Матросы стараліся з усіх сіл, узьляталі, як шалёныя, на вантах, разьбягаліся, быццам па гладкай падлозе, па рэях і ўмацоўвалі парусы з ліхаманкавай пасьпешнасьцю страху. Нейкае трапятаньне адчувалася ўсімі, не выключаючы боцманаў. І афіцэры са спалоханай заклапочанасьцю стаялі каля сваіх шчоглаў, падняўшы ўгару галовы, і толькі зрэдку лаяліся, заўважыўшы, што дзе-небудзь працуюць ня так скора ці якая-небудзь снасьць «заела», г. зн. ня ідзе.