Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І гэты адзін чалавек, які прымушаў усіх дрыжаць, радаваўся, што ў два месяцы так «падцягнуў» усіх. Твар яго сьвяціўся задаволенай усьмешкаю, калі парусы «згаралі», ці калі на артылерыйскім вучэньні вялікія гарматы адкачваліся, як лёгкія пярынкі, у руках зьнясіленых матросаў…

Але здаралася — і нярэдка — твар капітана раптам барвяніўся, вочы наліваліся крывёю, і ён, з паднятымі кулакамі, быццам звар’яцелы, кідаўся ўніз, нёсься на бак і біў боцмана, біў папаўшых пад руку матросаў, агалашаючы паветра лаянкай.

— Запару! — крычаў ён, ня памятаючы сябе ад гневу.

Выяўлялася, што на баку голасна гутарылі ці ня скора сабралі клівяры.

У такія хвіліны Ісайка заміраў ад страху.

Плаваньне ўжо канчалася, к агульнай радасьці матросаў і афіцэраў. «Пасьпешны» вяртаўся пад усімі парусамі ў Кронштадт з спадарожным брамсельскім ветрам з Бальтыцкага мора.

Ля Гоглянда наляцеў шквал, і, па недагляду вахценнага афіцэра, што не сабраў у час ветразяў, разарвала фор-марсэль на кавалкі.

Капітан раззлаваўся і напусьціўся на афіцэра, пагражаючы яго аддаць пад суд. Засьвісталі мяняць фор-марсэль. Падшкіпер кінуўся ў падшкіперскую і таропячыся паказаў прыбегшым матросам не на той марсэль, які трэ’ было ўзяць, а на другі, які патрабаваў латкі. Ніхто гэтага не заўважыў. Не заўважыў і Ісайка.