Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Выбраўшы пучок і распытаўшы Анку аб справах, Ісайка хацеў ужо выходзіць, як Анка, зірнуўшы ў вочы Ісайку, хітра спытала:

— Толькі цыбулі табе ад мяне і трэба, Ісайка?

— Чаго-ж я асьмелюся, апроч цыбулі, Ганна Сьпірыдонаўна? — значна працягнуў Ісайка.

— Чаго?.. Ах ты, хітры Ісайка! — засьмяялася Анка і пяшчотна дадала: — няма чаго на карабель ісьці; прыходзь ужо да мяне гарбату піць!

З гэтага дня Ісайка стаў часьцей зьяжджаць на бераг, і, калі «Пасьпешны» пайшоў у мора, Ісайка ўзяўся шыць Анцы самыя фасоністыя чаравікі і напісаў ёй два лісты, у якіх з чульлівым красамоўствам выліў перад ёю душу, скончыўшы дзелавымі парадамі наконт зімовага гандлю, які яны вялі цяпер ўжо разам пасьля памятнай куплі пучка цыбулі.

Ах, як не хацелася Ісайку ісьці на наступнае лета ў мора!

Яму не хацелася разлучацца з «рыжай Анкаю», да якой ён сур’ёзна прывязаўся, але — галоўнае — яго трывожыла назначэньне новага камандзіра экіпажу і карабля «Пасьпешнага». Пра яго хадзілі нярадасныя чуткі, як пра заядлага «мардабоя», які, камандуючы фрэгатам, біў бяз усякага ратунку і, калі злаваў, быў як шалёны. Аб гэтым толькі і было гутарак сярод матросаў, і нават Іван Рабы неяк сказаў Ісайку, што кіне піць.

— Зьвер, кажуць.