Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адна акалічнасьць непакоіла тодькі Ісайку ў апошні час. Ён быў нераўнадушны да аднае матроскае ўдавы, вядомай на кронштадзкім рынку, дзе летам яна гандлявала землянікаю, а зімою мела ларок з розных дробных тавараў, пад імем «рыжай Анкі». Гэтая «рыжая Анка», здаровая і тоўстая баба, год трыццаці пяці, з шырокімі сьцёгнамі і пульхным тварам, пакрытым вяснушкамі, таксама паглядала на Ісайку сваімі блакітнымі, хітраватымі вачыма не без задорнага какецтва. Яе палюбоўнік—матрос пайшоў на тры гады ў «дальнюю», і яна была вольнай. А Ісайка быў сталы чалавек і ўмеў ёй даваць добрыя парады ў гандлі. Без яго ў яе ледзь хапала на хлеб ды на квас, а як ён з ёю пазнаёміўся — зусім іншая справа пайшла. Здатны Ісайка! Адкуль толькі выдумка ішла. І чаравікі ёй цудоўныя зрабіў, і на куплю тавару, дзесяць рублёў пазычыў.

І Анка ня супроць была-б зьвязацца з «жыдам» — няхай на рынку сьмяюцца — напляваць! І так ужо сьмяюцца!

Але Ісайка не рабіў рашучых авансаў, ня маючы сьмеласьці прызнацца Анцы ў сваёй схільнасьці. Дый ці згодзіцца яна жыць з жыдам? Пра шлюб Ісайка, вядома, і ня думаў.

Усё можа быць, што нясьмелы Ісайка так-бы застаўся патайным «уздыхальнікам», калі-б у пачатку лета, як «Пасьпешны» ўжо выцягнуўся на рэйд, Ісайка аднойчы раніцою ў нядзелю не зайшоў купіць у Анкі на капейку цыбулі.