Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лых боцманаў, ды падшкіпер, з якімі Ісайка ўмеў добра ладзіць і задабрываць іх пры выпадку. А іншае начальства, асабліва суровае з матросамі, да яго не датычылася. Сядзі сабе ў падшкіперскай і папраўляй парусы ды выходзь наверх толькі ў час аўралаў.

Апроч таго, што Ісайка, што называецца, са скуры вылазіў, вызначаючыся бязупыннай працай і чыстатою паводзін, ён, як чалавек разумны і наглядальны, ведаў, чым узяць, акрамя стараннасьці. На беразе ён заўсёды шыў і ротным сваім камандзірам і фэльдфэбэлям боты, абшываў іх жонак і дзяцей, а летам тое-ж самае рабіў для шкіпера і яго памочніка, разумеецца, дарма. І ўсе абыходзіліся з Ісайкам ласкава, лічачы яго залатым чалавекам. На ўсякае рамяство ён быў майстар. Раз нават цацку прыгожую зрабіў і паднёс сынку экіпажнага камандзіра; жонцы яго, канечне, шыў чаравікі.

Ісайка кожны дзень дзякаваў богу, што служба, якой ён так баяўся спачатку, здавалася для яго не асабліва страшнай — мора толькі пужала яго. Але ўжо служыць заставалася нямнога. Гады праз чатыры яго, напэўна, зволяць у бестэрміновы водпуск, і тады канец гэтым вечным страхам! Вольны чалавек!

І ён час-ад-часу марыў, як будзе жыць заўсёды на цьвёрдай зямлі, займацца майстэрствам у Кронштадзе, дзе яго ўсе ведаюць, і зажыве сабе спакойна і ціха, як патрэбна сумленнаму яўрэю.