ротнага камандзіра да вечара, калі Рабы здабудзе шынэль.
А ён нават і ня памятае, за колькі ён быў пакінуты ў знаёмай карчме, дзе Рабы заўсёды піў. І як здабыць шынэль? Дзе дастаць грошы?
— Давядзецца, мабыць, скураю заплаціць за шынэль, Аўдзей Трыфанавіч! — абвясьціў ён разьвязным тонам, стараючыся захаваць перад фэльдфэбэлем сваю душэўную трывогу.
— У гэтым не сумнявайся, распусны сабака, п’яная морда! Адшліфуюць цябе, падлюгу, начыста, ва ўсім акураце… Проймуць і тваю барабанную скуру, ня бойся. А то, можа, яшчэ і пад суд аддадуць, пападзеш у арыштанцкія роты… Як ротны на гэту справу паглядзіць… Ня ў першы раз ты казну аб’ягорваеш…
Стары фэльдфэбэль (ён-жа боцман першай яхты на «Пасьпешным») гаварыў, мусіць, суровым, абыякавым тонам, дадаючы лаянку бяз усякага захапленьня. Аднак у яго вачох сьвяцілася спагаднасьць. Вельмі-ж удалы і бясстрашны быў марсавы, гэты гуляка і п’яніца.
— Ты папрабуй ужо, выверніся як-небудзь, беспардонны д’ябал, а да вечара дакладваць ня буду! А далей не магу. Сам службу разумееш! — прыбавіў не бяз цёплай ноткі ў голасе стары і як-бы апраўдваючыся.
— Дзякую і за гэта, Аўдзей Трыфанавіч, але толькі ўжо ўсёроўна з ранішнім ляпартам дакладзеце ротнаму… Чаго яшчэ чакаць?