Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ты форцу на сябе не напушчай, не ламайся… Ня бойся, усыпка будзе важная… Дый зусім прапасьці можаш. Папрабуй, кажу… Ці яшчэ не праспаўся, сучы ты сын? Чуеш: да вечара ротнаму не дакладу.

Ісайка, які ўжо даўно сядзеў у сваім кутку за працаю, пачуў пра тое, якая насоўвалася бяда на Рабога, і твар яго адлюстраваў спагаднасьць і ў той-жа час нейкае нутраное змаганьне. Так праседзеў ён, заклапочана соваючы шылам, хвілін з пяць і, нарэшце, поўны рашучасьці, устаў і пайшоў на другі канец казармы, дзе панура сядзеў Рабы.

— А што я табе скажу, братка, — прамовіў сваім тоненькім галаском, зьлёгку нарасьпеў і некалькі таемна Ісайка, падыходзячы да Рабога.

Рабы з запытаньнем падняў на Ісайку злыя вочы і раўнадушна апусьціў іх.

— Ведаеш, што я табе скажу?

— Ну, што прыстаў: «скажу ды скажу»? Кажы!

— За колькі ты прапіў шынэль?

— А табе што?.. Чаго лезеш?

— Ты толькі скажы, а мне ёсьць справа! — працягваў Ісайка і адабраючы і ласкава падміргнуў вокам.

— А чорт яго ведае, за колькі!

— Гм… Грошы ня браў? Піў толькі? А многа ты выпіў? Штофы два?

— І паўвядра валі. Я-ж ня жыд, а хрышчоны!

— Ай, ай, паўвядра! — ахнуў Ісайка.