Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сабак. Аджа ў тыя далёкія часы, калі матросаў дрэсыравалі жорсткім біцьцём за нязначнае папушчэньне і калі сама жорсткасьць была ў модзе сярод маракоў, так магчыма і лёгка было «нарвацца» нават пры чуткай асьцярожнасьці Ісайкі.

Ісайка быў нязвычайна чулы для таго «жорсткага» часу. Выгляд аголенай матроскай сьпіны, на якую з ціхім шлёпаньнем лажыліся ўдары лінькоў з-пад рук азьвярэлых унтэр-афіцэраў ці боцманаў, пад зіркім наглядам прывыклага да такіх відовішч афіцэра, гэтае цела, што ўкрывалася сінімі палосамі з барвістымі падцёкамі, гэтыя пакорныя спачатку стогны чалавека, што пераходзілі потым у нейкі дзікі лямант безабароннае жывёлы і затым часамі зусім заціхаўшыя ад страты прытомнасьці, напаўнялі душу Ісайкі жахам і спачуваньнем. І калі яму выпадала быць сьведкаю такіх кар, якія адбываліся ў некаторых выпадках у прысутнасьці ўсёй карабельнай каманды, — Ісайка, бляды, як сьмерць, уздрыгваючы сваім худым целам, ледзь стаяў на нагах і крадучыся выціраў нявольныя сьлёзы, палохаючыся, каб іх не заўважылі.

Вядома, Ісайка добраахвотна ніколі-б не адважыўся прысутнічаць на такіх экзэкуцыях. Калі, пасьля вучэньняў і аўралаў, чуўся, бывала, загад пакараць каго-небудзь, і зьбялелы матрос ішоў на бак пакорны ці з штучным выглядам бесклапотнае разудаласьці, — Ісайка ўцякаў уніз, у падшкіперскую каюту, прыціскаўся ў куток і, затыкаючы вушы, узварушаны, усхвалёвана шаптаў малітвы,