Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ён пасьпешна апускаў свае вочы і зноў глядзеў сабе пад ногі, несьвядома прагаварыўшы суседу, быццам жадаючы выказаць сваё захопленае зьдзіўленьне:

— Ай, якія адважныя! і як яны нічога не баяцца!

— Хто гэта, Ісайка?

— Ды яны, нашы матросікі! — шаптаў Ісайка не без ганарлівага пачуцьця за тых, якія былі непадобны на яго.

IV

Але непараўнана больш за хісткія рэі і буры баяўся Ісайка лінькоў, дубцоў і кулачнай расправы. Цялесныя кары надавалі яму ня толькі панічны страх фізычнае пакуты, але і інстыктыўны жах ганьбы заплёванага чалавечага гонару. А ён быў моцна разьвіты ў Ісайкі, як і ў шмат якіх яўрэяў, у норавах якіх няма прывычкі да прыніжанай кары, з дзяцінства знаёмай расійскаму прыгоннаму люду таго часу.

Гэты жах, які даходзіў у Ісайкі да нейкай хваравітасьці і заўсёды трымаў яго ў нэрвовым напружаным стане боязьні ня выклікаць чым-небудзь гнеў у кім-небудзь з начальніцкіх асоб, абярнуўся ў прывычку. І, ня гледзячы на шаснаццаць год шчасна праведзенай службы, Ісайка заўсёды быў на варце, быццам заяц, што чуе блізкасьць