Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але калі сьвісталі: «усіх наверх, чацьверты рыф браць!» — Ісайка з журбою ў сэрцы, праклінаючы злыбедны свой лёс, шпарка, аднак, выбягаў разам з другімі на верхнюю палубу і старанна цягнуў снасьці, лётам перабягаючы з месца на месца, і стараўся не падымаць вачэй на шалеючае мора. Навошта на яго, абрыдлае, глядзець!

І ў такія хвіліны, як сумысьля, задорыста прабягалі думкі аб маленькім ціхім кутку дзе-небудзь на цьвёрдай зямлі, у якім ён сядзіць у цяплыні, на маленькім зэдліку, і шые сабе боты ці чаравікі самага апошняга фасону, у той час як у галаве тоўпяцца рознастайныя думкі аб розных справах чалавецкіх і божацкіх, якія займаюць яго дапытны і дзейны розум.

«Няхай-б лепш забралі ў салдаты!»

Палахлівы сам, Ісайка затое з нейкай асаблівай павагаю і ў той-жа час з заміраньнем сэрца глядзеў на марсавых, якія ў такую буру па-заліхвацку зьбягалі па вантах, потым, быццам волаты-мурашкі, распаўзаліся па рэях і, прыпадаючы да белага паруса, хапалі надутую мякаць яго нейкай нябачанай сілаю.

— Уфф! — вырывалася з Ісайкавых грудзей пахвала і жах, што вось хто-небудзь ды сарвецца і зваліцца ў мора ці з шумам шлёпнецца на палубу, расьціснуты і акрываўлены.

Такія выпадкі здарыліся амаль што кожнае плаваньне і заўсёды варушылі Ісайку.