Старонка:1. Мэндэль Гданскі, 2. Ісайка (1930).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У нязвычайна жывым Ісайкавым выабражэньні, што добра ведала, якія бываюць выпадковасьці на вайсковым караблі, ужо мільгала ўяўленьне аб магчымасьці чаго-небудзь падобнага і раптоўна складалася ў яскравую карціну. І ён спалохана выгукваў:

— У—у—у! Ня можа гэтага быць!

І разам за гэтым хутка кеміў, што гэта глупства і што з ім жартуюць, і сам усьміхаўся і дабрадушна-спакойна гаварыў:

— А ты, Мацьвеевіч, не палохай. Я і бяз гэтага палохаюся.

У сьвежую пагоду Ісайка звычайна адчуваў сябе дрэнна і трывожна, хоць яго і не качала, і калі, здаралася, вялікі драўляны карабель, вытрымліваючы трэпку, стагнаў і скрыпеў усімі сваімі членамі, Ісайка прыцішаны. З шырока-расплюшчанымі вачыма, шаптаў зьбялелымі вуснамі малітвы, схаваўшыся ў куток падшкіперскай каюты і прыслухоўваючыся да бульканьня вады, што білася аб борт. Наверх ён ня выходзіў у такую пагоду, не жадаючы глядзець на гэтыя разьюшаныя хвалі, якія падкідвалі трохдэчны старасьвецкі карабель, як трэску, і поўнілі Ісайкава сэрца панічным жахам. І ён уважаў перачакаць буру ў самотнасьці, у паўцёмнай каюце, заваленай ветразямі і скруткамі вяровак і тросаў, не паказваючыся на вочы людзям і не саромячыся ўздрыгваць і вохкаць пры кожным імклівым дрыжэньні судна.